Працяг цыкла "Сям'я Роял" апынулась істотна ніжэй па ўзроўні папярэдніх трох частак. Ужо занадта мыльным, рамантычна-нацягнутым атрымаўся гэты твор. Хаця сапраўднай рамантыкі ў ім амаль няма. Прызнанняў у каханні, рамантычных спатканняў не назіраецца. Але выяўляецца іншае: празмерны эгацэнтрызм галоўнага героя, які звык, што яму ўсё дастаецца лёгка і проста і ўсе свавольствы даруюцца і забываюцца дзякуючы грашам багатага таты. Але ў рэальным жыцці так не бывае. Істан спадзяецца займець увагу дзяўчыны, падарыўшы ёй дызайнерскую рэч за шалёную цану. Не спрачаюся, з некаторымі такое можна зрабіць, але не з Хартлі. Яна - дужы арэшак, які складана раскалоць. Але тое, што хаваецца ўнутры, варта чаканняў.
З'яўленне Элы Харпер у сям'і Роял - як глыток свежага паветра. Тэндэнцыя змены звыклага ўкладу жыцця ўсіх членаў гэтага сямейства прасочваецца з першай кнігі цыклу, працягваецца да гэтага часу і будзе працягвацца да канца серыі. І чымсьці Хартлі нагадвае мне Элу. Яна такая ж складаная ў адносінах з Рояламі і такая ж прыцягальная для аднаго з іх. Аднак ёсць істотнае адрозненне: у маральным плане Хартлі Райт слабейшая за Элу Харпер. Яна не змагаецца за праўду, спрабуючы аднавіць сваё добрае імя, а проста вінаваціць ва ўсім Істана. Так, ён вінаваты перад дзяўчынай, але бяздзейнічаць - гэта не выхад. Рэпутацыя сапсаваная, і ёсць толькі два шляхі: аднавіць яе ці пабудаваць новую.
Адносіны галоўных герояў знаходзяцца на мяжы аб'юзерства. Істан проста ўрываецца ў жыццё Хартлі і не збіраецца нікуды сыходзіць. Мне шкада бедную дзяўчыну, якая трапіла на вочы гэтаму абцяжаранаму ад слова "зусім" мазгамі Роялу. Нельга сказаць, што да падзей, што адбываюцца ў кнізе, тая жыла цудоўна. Наадварот, у яе жыцці шмат жудаснага, гідкага. Але з'яўленне Істана перавярнула ўсё з ног на галаву. Наступствы зносін з хлопцам прыводзяць да катастроф, жудасна непраўдападобных і абсурдных.
Не магу зразумець, чаму кніга мае рэйтынг "18+". З-за пахабных жартаў і грубых слоў? У папярэдніх частках падобнага было больш, і ўзроставыя абмежаванні сапраўды апраўдваюцца. Але тут?..
Увогуле, кніга вартая чытання, мабыць, толькі дзеля таго, каб адцягнуцца ад суровай рэальнасці. Гэта лёгкае чытво, ад якога не варта чакаць чагосьці грандыёзнага і неверагоднага. Але як кніга на адвячорак пасля цяжкага працоўнага дня - добра.