У дзяцінстве мы з Эрні хадзілі ў летнюю двухтыднёвую бапцісцкую школу, і там настаўніца давала кожнаму з нас па аркушу белай-магічнай паперы. Калі вы скраблі па ёй манеткай ці адваротным бокам алоўка, то на чыстай паверхні праступалі каляровыя малюнкі... Мы абодва, затрымаўшы дыханне, назіралі за тым, як на паперы паступова праяўляліся гэтыя малюнкі. Спачатку адна лінія, якая плыве ў пустэчы... затым другая.. затым яны аб'ядноўваліся з іншымі і заўважалі схаваную ўзаемасувязь... заўважалі схаванае значэнне.
Я з яшчэ большай трывогай зноў паглядзеў на Крысціну, паспрабаваўшы збавіцца пачуцця, што ў ёй мне бачыцца нешта агідна падобнае да тых цудоўных магічных малюнкаў.
Мяне заўсёды здзіўляла, як праз забойствы і гвалт, Сцівен Кінг умее закрануць сацыяльныя праблемы, цягнуць за педагагічныя ніткі, паглыбіўшыся ў псіхічны стан героя. Менавіта жанр псіхалагічнага трылера, дзякуючы С. Кінгу, стаў для мяне любімым, як у літаратуры, так і ў кіно. Аўтар геніяльна здолеў паказаць у "Могілках хатніх жывёл" як весці сябе бацькам, калі ў дзіцяці памёр чацвераногі сябар (гэтаму ў рамане адведзена значна больш месца, чым містыцы), а ў "Ззянні" праблему алкагалізму і гвалту ў сям'і. І вось чарговы раман "Крысціна" (1983), у якім ужо з перашай главы "Першы погляд" мы адчуваем праблему бацькоў і дзяцей у сям'і Канінгеймаў.
Быць бацькамі - значыць імкнуцца забіць сваё дзіця... Бо як толькі ў бацькоў нараджаюцца дзеці, то яны адразу разумеюць, што смерць становіцца бліжэй. Калі ў цябе з'яўляецца дзіця, ты глядзіш на яго, як на свой надмагільны помнік.
Гэта словы Дэніса, сябра Эрні Канінгейма, які закахаўся ў... аўтамабіль! Ён распавядае пра Крысціну (а так завуць машыну), як пра жывога чалавека. Аўтар стварае поўны антураж, калі параўноўвае набыццё Крысціны з вяселлем у главе "Эрні жэніцца", калі да глаў падбірае эпіграфамі радкі з вядомых песень пра аўтамабілі ("Біч Бойз", "Іэн энд Дзін", Ленан і Макартні і інш.). Сапраўдных аматараў С. Кінга ўжо не здзіўляюць нечаканыя павароты, як тое, што машына часоў Бадзі Холі, Хрушчова і касмічных сабачак можа ажыць, не здзіўляюць і элементы, што вандруюць з рамана ў раман, напрыклад, захопленасць аўтара бейсболам. Асноўныя персанажы на гэты раз з'яўляюцца фанатамі бейсбольнай каманды з Філадэльфіі, пра што не раз ідзе размова ў творы. Галоўны герой жа Эндзі Канінгейм з туманнымі вачыма Раскольнікава - прыклад "белай вароны", у якой з'яўляюцца звышчалавечыя сілы, што аднойчы апісаў С. Кінг у сваім першым рамане "Кэры", які прынёс яму папулярнасць. І ні настаўнік французскай мовы, падобны да белага трусіка з твора Льюіса Кэрала, ні іншыя настаўнікі не маглі яму дапамагчы
Ён быў цельпуком, калі вы ведаеце такіх тыпаў. У кожнай школе іх бывае як мінімум двое. Мужчынскага полу і жаночага. Іх не лічаць за людзей... Яго не прымалі ў кампаніі і пацяшаліся з яго, бо ён быў цыбатым... Эрні літаральна квітнеў прышчамі...
Ёсць адпаведна і традыцыйны вобраз хулігана-старшакласніка, што смяецца з Эндзі, і завуць яго Бадзі Рэпертан. Уздымаецца ў творы і тэма сяброўства, якому перашкаджае каханне... з аўтамабілем. Але ці зможа яно перамагчы машыну-забойцу ў апошняй 3-й главе "Крысціна - песенькі цінэйджэраў пра смерць"? Гэтага я вам не скажу, але Дэніс будзе спрабаваць выратаваць сябра і нават знойдзе брата былога ўладальніка Крысціны Лебея.
Раю вам прадаць гэтую машыну... Калі ніхто не захоча купляць яе ў такім выглядзе, то прадайце яе па частках. Калі не прадасцё па частках, то разбіце. Разбіце хутка і бессардэчна. Зрабіце гэта так, нібыта былі пад уладай прыступу вандалізму. Мне здаецца, тады вы будзеце шчаслівейшымі... Каханне - гэта вораг...Так. Паэты ўвесь час памыляюцца ў каханні. Каханне - гэта старая, аслеплая вядзьмарка. Яна бязлітасная, ненажэрная... Яна харчуецца сяброўствам. І я б параіў табе рыхтавацца да горшага, Дэніс.
P.S.: маскоўскае выдавецтва "АСТ", якое з'яўляецца адным з самых маштабных, што друкуе С. Кінга на рускай мове, такое адчуванне, не знаёміцца з творам, які выдае, бо ўжо ў каторы раз сутыкаюся з тым, што малюнак на вокладцы не адпавядае зместу кнігі.